Центр довузовской подготовки г. Миоры |
ТЭМА: А. ДУДАРАЎ “РАДАВЫЯ” Мэта: 1. Паглыбіць веды вучняў пра драматычны твор, раскрыць, як адлюстравана тэма Вялікай Айчыннай вайны ў творы. Замацаваць навык шматаспектнага аналізу драматычнага твора. Выхоўваць уважлівага чытача, здольнага разважаць над вечнымі праблемамі чалавечага існавання, мець сваю асабістую пазіцыю. Абсталяванне: На дошцы эпіграф: Калі кожнага савецкага чалавека, што загінуў у бойцы з фашызмам, ушанаваць мінутай маўчання, давядзецца маўчаць 38 гадоў. Фотаздымкі і рэпрадукцыі карцін з эпізодамі Вялікай Айчыннай вайны. З газет. Ход урока: 1. Індуктар: Гучыць запіс песні “Было ў салдата два полі” у выкананні ансамбля “Песняры”. - Якія асацыяцыі выклікала ў вас музыка? (Кожны вучань у класе адказвае. Магчымыя варыянты: вайна, гора, смерць, слёзы, расстанне, пакуты і г.д.) 2. Самаканструкцыя: - Якое слова з гэтага ланцужка, на вашу думку, цэнтральнае, з якім звязаны лагічна ўсе астатнія? Чаму? (Гэта слова вайна) Як бы вы ўмоўна-вобразна намалявалі вайну? (Магчымыя варыянты: чорная хмара, мяжа, лінія, якая праходзіць праз жыццё чалавека) Зрабіце малюнак у сшытку так, каб пасярэдзіне старонкі апынулася слова вайна. Уявіце цяпер, якім было жыццё герояў п’есы да вайны? Запішыце ланцужок апорных слоў злева ад малюнка. (магчымыя варыянты: радасць, сям’я, каханне, праца, дзеці і г.д.) А цяпер справа ад малюнка запішыце ланцужок слоў, у якім адлюстравана іх жыццё на вайне. (магчымыя варыянты: смерць, кроў, страх, вораг, голад, бамбёжкі і г.д.). Усё запісанае гучыць услых. Сацыяканструкцыя: Вучні атрымліваюць заданні па групах (да 10 хвілін на выкананне) Чаму аднаго з герояў п’есы называюць Адуванчык? Ці маецца на ўвазе толькі знешняе падабенства? У чым жыццёвая трагедыя старшыны Дугіна? Як вы ставіцеся да яго ілжывай пахаронкі? Чаму пра Бушцеца гавораць: “Лепш бы ён загінуў. Нельга жыць з такой спустошанай душой”. Як вы ставіцеся да адной з хрысціянскіх запаведзей “не ўбій” і як ацэньваеце паводзіна Саляніка? Як вы разумееце паняцце “грамадзянскі абавязак”? Якое дачыненне яно мае да Дзерваеда? Сацыялізацыя: Вучні выказваюцца па сваіх групавых заданнях. Афішыраванне: Вучні абмяркоўваюць, якое з групавых выступленняў было больш поўным і глыбокім, робяць неабходныя дапаўненні. “Разрыў”: Упішыце ў свае сшыткі, што яшчэ нясе людзям вайна, з таго, што вы пачулі пры выкананні заданняў. (Вучні могуць дапісаць: жорсткасць, бесчалавечнасць, помста, спустошанасць душы, насілле). Ці можна ў гэты спіс дапісаць словы: спачуванне, жаласць, узаемавыручка, гуманізм? Ці гэтыя паняцці павінны заняць асобнае месца? Чаму? “Пластыка” Вучням прапануецца прыдумаць і паказаць магчымы варыянт помніка “радавым” мінулай вайны, усім тым, хто ўнёс сваю долю ў вялікую Перамогу. (Пакуль група рыхтуе гэтае заданне, астатнія тлумачаць сэнс назвы твора “Радавыя”) Рэфлексія: З дапамогай каляровых картак вучні ацэньваюць вынікі ўрока. Чырвоная – спадабалася, застаўся след у душы; Зялёная – былі цікавымі асобныя элементы ўрока; Сіняя – было сумна, мне ўсё роўна. Дамашняе заданне: Падрыхтаваць паведамленне – разважанне: Хто яны, героі мінулай вайны? (па творах рускіх і беларускіх аўтараў) След вайны ў маёй сям’і. Вайна ў лёсах міёрцаў. |